7 сентября 2017 года состоялось заседание клуба учителей города Минска «БОЛЬШАЯ ПЕРЕМЕНА» «Живи со Вкусом! Учи со Вкусом!»
Клуб ищет новые эффективные формы организации взаимодействия педагогов, и как всегда хочется соединить ВКУСНОЕ с ПОЛЕЗНЫМ! Сейчас Клуб работает над Методической демонстрацией!
… Представляем вашему вниманию «послевкусие» члена клуба, учителя белорусского языка и литературы СШ № 21 Стрельчук Галины Николаевны
Вучы са смакам!
Восеньскае надвор’е, на жаль, пазбаўлена сонечнай усмешкі, але дождж не перашкода для чарговага пасяджэнння клуба таленавітых педагогаў сталіцы “Большая перемена”. Штогод яны збіраюцца на пачатку верасня ў сценах Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, каб прыняць у свае рады новых актывістаў педагагічнай нівы, падзяліцца творчымі планамі на навучальны год, атрымаць зарад станоўчых эмоцый і, канешне, акунуцца ў цёплую сяброўскую атмасферу.
Восень – пара сбору ўраджаю. Кожная дбайная гаспадыня робіць нарыхтоўкі на зіму. Здавалася б пытанне “Назавіце лепшую заправу?”, якое паставілі арганізатары сустрэчы ў пераважна жаночай аўдыторыі, не можа выклікаць цяжкасцей. Але… Настаўнікі ў творчым пошуку прапаноўвалі незвычайныя адказы: любоў, прадчуванне, падарожжы і нават голад. Даспадобы прыйшлася работа ў групах, якія аб’ядналіся па назвах ці знешніх прызнаках запраў. Так утварыліся крэатыўныя суполкі “Дзяўчаты з пярчынкай”, “Французская булачная”, “Смачны булён” і інш. Кожная група рэкламавала сваю спецыю, адказаўшы на пытанні што?, куды?, навошта? і як? Канешне, большасць удзельнікаў прадэманстравала педагагічнае вынаходніцтва, удала перанёсшы якасці прыпраў на ўласны прадмет. Затым настаўнікі дзяліліся ўласнымі “заправамі” да ўрока. Гучалі вершаваныя словы прывітання, якія натхняюць вучняў да плённай працы, на прыкладзе ўрока англійскай мовы ставіліся праблемныя пытанні, прымяняўся “мазгавы штурм”.
Сакрэтам полімастацкай дзейнасці на ўроку музыкі падзялілася новы член клуба Кацярына Ігараўна Каўзовіч, прадстаўніца сталічнай школы №62. Яна паабяцала на наступнай сустрэчы правесці майстар-клас па прымяненню такога прыёма на занятках з абавязковым музычным суправаджэннем. Вопытная настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі №146 Ірына Сяргееўна Варакса прадэманстравала мнеманічныя прыёмы запамінання, якімі яна аздабляе вучэбную дзейнасць. Напрыклад, каб не блытаць лексічнае значэнне слоў, да кожнага з іх можна падабраць схематычны малюнак: обаяние – вочы як люстэрка душы, а обоняние – нос (ці прасцей пятачок). Кожны ўдзельнік узяў на ўзбраенне аптымальныя прыёмы для выкладання пэўнага прадмету – “приправу, чтобы поправить”.
Напрыканцы сустрэчы настаўнікі атрымалі падарункі. Працягваючы абраную канцэпцыю пасяджэння, гэта быў пакецік спецый з лагатыпам клуба. “Перамены – лепшая заправа да жыцця!” – з гэтым згадзіліся педагогі сталіцы, якія імкнуцца да перамен шляхам самаўдасканалення, бесперапыннага прафесійнага развіцця і асобаснага росту. І няхай ідзе дождж, часам халодны і няўтульны, а вы спрабуйце лашчыць погляд рознакаляровымі парасонамі. Неўзабаве прыйдуць перамены. Галоўнае, каб усе яны былі толькі да лепшага.
Галіна Стральчук,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
СШ №21 імя М.Ф. Гастэлы